СЕЙСМІ́ЧНАЯ ШКАЛА́,

шкала для ацэнкі інтэнсіўнасці землетрасення. Адрозніваюць С.ш. для ацэнкі энергіі ачагоў землетрасення (шкала магнітуд землетрасенняў або шкала Рыхтэра, дзе магнітуда — умоўная велічыня, прапарцыянальная лагарыфму энергіі, што выпраменьваецца ачагом землетрасення) і для інтэнсіўнасці праяўлення землетрасенняў на паверхні Зямлі (у балах). Аснова для вызначэння інтэнсіўнасці ў 12-бальнай міжнар. шкале (MSK-64) — ступень пашкоджання будынкаў, рэшткавыя дэфармацыі грунту і інш. (гл. табл.).

В.​Я.​Клюц.

Міжнародная сейсмічная шкала MSK-64
Балы Характарыстыка інтэнсіўнасці землетрасенняў
1 Ваганні глебы адзначаюцца прыборамі
2 Адчуваюцца ў асобных выпадках людзьмі, якія знаходзяцца ў спакойным стане
3 Адзначаюцца нямногімі людзьмі
4 Адзначаюцца многімі людзьмі. Магчыма бразгатанне шкла
5 Гайданне вісячых прадметаў. Людзі прачынаюцца
6 Лёгкія пашкоджанні ў будынках, тонкія трэшчыны ў тынкоўцы
7 Трэшчыны ў тынкоўцы і адколванне асобных кавалкаў, тонкія трэшчыны ў сценах
8 Вялікія трэшчыны ў сценах, падзенне карнізаў, комінаў
9 У некаторых будынках абвалы: абрушэнне сцен, перакрыццяў, даху
10 Абвалы ў шматлікіх будынках. Трэшчыны ў грунтах шыр. да 1 м
11 Шматлікія трэшчыны на паверхні Зямлі, вял. абвалы ў гарах
12 Змены рэльефу ў вял. памерах

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)